«БІ́БЛІЯ СЛА́ВІКА»
(«BIBLIA SLAVICA»),
навуковая праграма па выданні слав. біблій. Засн. ў 1988 ням. славістамі Г.Ротэ і Р.Олешам. Мае 6 серый: «Чэшская біблія», «Польская біблія», «Усходнеславянская біблія», «Сербская біблія», «Харвацкая біблія», «Літоўская біблія». У серыі «Усходнеславянская біблія» ў выд-ве Ф.Шонінга ў 2002 выйшла выданне «Біблія славіка. III 1. Скарына. Каментарыі. Апостал 1525», якое складаецца з 2 частак. 1-я ч. — «Біблія руская. Выкладзена доктарам Францыскам Скарынаю. Прага 1517—1519» — гэта каментарыі да факсімільнага выдання «Бібліі» Скарыны (Мн., т. 1—3, 1990—91). У ёй пад рэд. Ротэ і Ф.Шольца змешчаны артыкулы бел. навукоўцаў А.Жураўскага, А.Конана, Г.Галенчанкі, І.Саверчанкі, В.Шматава, У.Свяжынскага. 2-я ч. — «Апостал. Вільна 1525» — факсімільны тэкст «Апостала» Скарыны з каментарыямі Ротэ. У ім даследуюцца крыніцы, якія былі падставай і тэкстамі для перакладаў твораў Скарыны на старабел. мову. Выданне ілюстраванае.
Літ.:
Сакалоўскі У. Скарынаўская біблія: Нямецкая славістыка і выданне беларускай культурнай спадчыны Адраджэння // Роднае слова. 2003. № 6;
Яго ж. Библия Скорины в Германии // Неман. 2003. № 8.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 18, кн. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)